СТАБІ́ЛЬНАСЦІ ПРЫ́НЦЫП у экалогіі,
канцэпцыя, у адпаведнасці з якой любая прыродная адносна замкнутая сістэма пры ўзаемадзеянні нежывога рэчыва і жывых арганізмаў з праходзячым праз гэтую сістэму патокам энергіі здольная да развіцця ў бок устойлівага стану пры дапамозе самарэгулюючых механізмаў (працэсаў). Такой сістэмай можа быць і біясфера Зямлі, і невял. экасістэма, напр., возера. У выпадку кароткачасовага дэстабілізуючага ўздзеяння звонку такія механізмы забяспечваюць вяртанне сістэмы да стабільнага стану, пры дасягненні якога перанос энергіі звычайна ідзе ў адным напрамку, з пастаяннай хуткасцю і садзейнічае падтрыманню ўстойлівасці сістэмы. Здольнасць да самастойнага дасягнення стану стабільнасці ўласціва толькі жывым сістэмам (папуляцыям, экасістэмам, біясферы ў цэлым). Прыватны выпадак С.п. — правіла стабільнасці ўзроставай структуры папуляцыі, у адпаведнасці з якім любая прыродная папуляцыя імкнецца да ўстанаўлення стабільнай узроставай структуры. Змены ў знешнім асяроддзі ці унутры папуляцыі звычайна прыводзіць да ўзнікнення новага стабільнага размеркавання ўзростаў у папуляцыі. Выяўлена амер. біяфізікам А.Дж.Лотка (1925).
А.М.Петрыкаў.
т. 15, с. 126
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)